УНИВЕРСIТЭТ

IV Навукова-практычны семінар з міжнародным удзелам «Актуальныя праблемы псіхалогіі: навука - практыцы»

На базе факультэта педагогікі і псіхалогіі 21 лістапада 2017 года прайшоў IV навукова-практычны семінар з міжнародным удзелам «Актуальныя праблемы псіхалогіі: навука – практыцы», ініцыяваны кафедрай псіхалогіі. У навукова-практычным семінары прынялі ўдзел больш за 100 чалавек – педагогі-псіхолагі, педагогі сацыяльныя ўстаноў адукацыі, кіраўнікі і спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў Брэсцкай (Баранавічы, Бяроза, Ганцавічы, Ляхавічы, в.Молчадзь, в.Новая Мыш, в.Русіно), Гродзенскай (г.п.Бераставіца, Гродна, Слонім), Мінскай (Капыль, Нясвіж, Стоўбцы), Магілёўскай (Горкі) абласцей, а таксама выкладчыкі, магістранты і студэнты 1-4 курсаў спецыяльнасці «Практычная псіхалогія» Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, Саратаўскага нацыянальнага даследчага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Г.Чарнышэўскага.

З прывітальным словам на пленарным пасяджэнні выступілі У.У.Клімук, прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат эканамічных навук, дацэнт, і Т.Я.Яцэнка, загадчык кафедры псіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук.

Да ўвагі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння былі прадстаўлены даклады У.У.Клімука, прарэктара па навуковай рабоце БарДУ, кандыдата эканамічных навук, дацэнта; Н.А.Арахоўскай, прафесара Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, доктара філасофскіх навук, дацэнта; Н.Л.Пузырэвіч, загадчыка кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ, кандыдата псіхалагічных навук; В.В.Беланоўскай, дацэнта кафедры псіхалогіі адукацыі Інстытута псіхалогіі БДПУ, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта; Т.Д.Грыцэвіч, дацэнта кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі БДПУ, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта; Т.Я.Яцэнка, загадчыка кафедры псіхалогіі БарДУ, кандыдата псіхалагічных навук.

У ходзе пленарнага пасяджэння навукоўцамі актуалізаваны сацыяльна-псіхалагічныя праблемы зберагаючых паводзінаў, фарміравання талерантнага стаўлення да інклюзіі, аказання псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях, дыягнастычнага складніка псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў, падбору персаналу на аснове псіхалінгвістычных параметраў, девіктымізацыі віктымнай асобы з улікам выявы «значнага Іншага». Выступленні навукоўцаў насілі міждысцыплінарны і прыкладны характар, што спрыяла асэнсаванню ўдзельнікамі навукова-практычнага семінара важнасці прымянення сучасных навуковых псіхалагічных ведаў у прафесійнай дзейнасці паспяховых спецыялістаў-практыкаў рознага профілю.

Выкладчыкам, адказным за прафарыентацыйную работу на факультэце педагогікі і псіхалогіі, С.А.Мартыненка для ўдзельнікаў семінара была арганізавана экскурсія па ўніверсітэце.

У рамках навукова-практычнага семінара прайшла тэматычная секцыя «Актуальныя праблемы псіхалогіі».

Глыбокую цікавасць у ўдзельнікаў семінара выклікалі псіхалагічныя майстэрні, якія былі тэматычна рознапланавымі і ахоплівалі праблематыку крызіснай, клінічнай, сямейнай і практычнай псіхалогіі. Псіхалагічную майстэрню «Псіхалагічны код выжывання. Тэхнікі аказання псіхалагічнай дапамогі пры працы з траўмай ў экзістэнцыяльным падыходзе» правяла Н.Л.Пузырэвіч, загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук. Удзельнікі семінара таксама наведалі псіхалагічную майстэрню «У свядомасці няма выхадных. Цела і сімптомы. Тэхнікі працы ў рамках гештальт-падыходу», якую арганізавала Н.У.Бельская-Карней, выкладчык кафедры псіхалогіі БарДУ, магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт. Папулярнасцю карысталася ва ўдзельнікаў семінара псіхалагічная майстэрня «Парушэнні прыхільнасці і тыпалогія характару. Псіхааналітычны падыход», якую правяла І.Б.Радыёнава, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі БарДУ, магістр псіхалагічных навук, даследчык, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар, вядучы навучальных груп. Да ўвагі ўдзельнікаў семінара таксама была прадстаўлена псіхалагічная майстэрня «Метафарычныя асацыятыўныя карты ў працы практычнага псіхолага» Л.А.Русецкай, выкладчыка кафедры псіхалогіі БарДУ, магістра псіхалагічных навук, даследчыка, сертыфікаванага гештальт-тэрапеўта, спецыяліста ў галіне НЛП, Эрыксанаўскага гіпнозу, сямейнай гештальт-тэрапіі. Запатрабаванай была псіхалагічная майстэрня «Сваё чужое жыццё. Канфлікты выбару. Гештальт-падыход» А.А.Ерсой, сертыфікаванага гештальт-тэрапеўта, супервізара, вядучага навучальных груп.

На падвядзенні вынікаў навукова-практычнага семінара навукоўцы, якія выступілі на пленарным пасяджэнні, і вядучыя псіхалагічных майстэрняў былі ўзнагароджаны дыпломамі і падзякамі рэктара Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара В.І.Качуркі. Удзельнікам псіхалагічных майстэрняў былі ўручаны сертыфікаты аб праходжанні практычнага навучання, а ўдзельнікам тэматычнай секцыі – дыпломы за лепшыя даклады. Удзельнікамі навукова-практычнага семінара адзначана яго высокая значнасць для павышэння эфектыўнасці прафесійнай дзейнасці спецыялістаў сістэмы адукацыі ў сучасных рэаліях, для абмену вопытам паміж  навукоўцамі і спецыялістамі-практыкамі, для пашырэння прафесійных кантактаў і вектараў супрацоўніцтва ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, сацыяльна-педагагічных цэнтраў і цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам.

28.11.2017