УНИВЕРСIТЭТ

Практыка з сэнсам: як студэнты БарДУ наведалі сацыяльна-педагагічны прытулак

У рамках вучэбнай дысцыпліны «Сацыяльнае выхаванне ва ўстанове адукацыі» студэнты 3 курса спецыяльнасці «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» разам са старшым выкладчыкам кафедры педагогікі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Дзегіль Наталляй Іванаўнай наведалi сацыяльна-педагагічны прытулак. Наведванне было арганізавана ў 2 дні.

Напярэдадні светлага свята Вялікадня студэнты групы СПП-32 правялі творчую майстэрню. Разам з выхаванцамі юнакі і дзяўчаты выраблялі віншавальныя паштоўкі для сваіх блізкіх. Гэты занятак дапамог не толькі развіць дробную маторыку і крэатыўнасць, але і закрануць важныя тэмы сямейных каштоўнасцяў, цяпла і памяці.

Студэнты групы СПП-31 прысвяцілі час актыўнаму адпачынку. На свежым паветры былі арганізаваны рухомыя гульні. Такая форма работы садзейнічала сацыялізацыі дзяцей, зняццю эмацыйнага напружання і ўмацаванню даверу паміж студэнтамі і выхаванцамі.

Атмасфера падчас сустрэч была цёплай і давернай. Будучыя сацыяльныя педагогі змаглі ўбачыць рэакцыю дзяцей на свае ініцыятывы ў рэальным часе, што неацэнна для прафесійнага станаўлення.

Падобныя выезды дазваляюць замацаваць тэарэтычныя веды па сацыяльным выхаванні і навучыцца знаходзіць падыход да дзяцей, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Для спецыяльнасці «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» праца ва ўстановах сацыяльнай абароны з'яўляецца ключавой кампетэнцыяй. Наведванне сацыяльна-педагагічнага прытулку дазволіла студэнтам БарДУ адпрацаваць навыкі арганізацыі вольнага часу і творчых мерапрыемстваў; навучыцца выбудоўваць камунікацыю з дзецьмі з груп рызыкі; усвядоміць сацыяльную значнасць сваёй будучай працы.

Студэнты 3 курса ўпэўнены, што атрыманы вопыт дапаможа ім стаць чулымі і прафесійнымі спецыялістамі, гатовымі падтрымліваць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.

02.04.2026