УНИВЕРСIТЭТ

Навуковы марафон на лінгвістычным факультэце

У рамках Навуковага марафону БарДУ-2026, прысвечанага Дню беларускай навукі, кафедрамі лінгвістычнага факультэта прыняты ўдзел у выставе навукова-тэхнічных дасягненняў выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама арганізаваны шэраг мерапрыемстваў.

12 студзеня 2026 г. праведзены семінар-практыкум «Дыпломны драйв» (мадэратар – Криштоп Інэса Сяргееўна, дацэнт кафедры прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт). У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты V курса лінгвістычнага факультэта (групы СЗМ-51, СЗМ-52). Выкарыстоўвалася тэхналогія сфакусаванага абмеркавання «сусветнае кафэ» (“world café”) для прэзентацыі прамежкавых вынікаў даследаванняў, выкананых у рамках дыпломных работ. Адбыўся плённы дыялог і абмен вопытам па пытаннях метадаў, якія выкарыстоўваюцца, тэарэтычнай базы і актуальнасці выконваемых работ.

13 студзеня 2026 г. выкладчыкамі кафедры філалогіі (Голуб Ірына Аляксандраўна, Шавель Вольга Міхайлаўна, Ермаловіч Наталля Уладзіміраўна, Мароз Ганна Юр’еўна, Танана Зоя Аляксандраўна) былі арганізаваны Навуковыя чытанні «Нацыянальныя культурныя традыцыі і сучаснасць». З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася Жанна Вячаславаўна Косціна, загадчык кафедры, кандыдат філалагічных навук, адзначыўшы важнасць дыялогу культур у сучасным свеце, актуальнасць даследаванняў нацыянальных культурных традыцый. Арганізатары адзначылі, што замежныя студэнты, якія навучаюцца на ўсіх факультэтах БарДУ, актыўна ўключаюцца ў навукова-даследчую дзейнасць універсітэта, разумеюць яе спецыфіку, ўсведамляюць важнасць і знаёмяцца з формамі навуковай дзейнасці. У рамках навуковых чытанняў былі заслуханы 10 дакладаў, рэфератаў і эсэ пра культурныя традыцыі Беларусі і Кітая. Кожны даклад выклікаў у слухачоў жывую цікавасць, заахвоціў гарачае абмеркаванне праблемы, якое перарасло ў дыялог культур. У чытаннях таксама прынялі ўдзел навучэнцы ДУА «Гімназія № 1 г. Баранавічы».

14 студзеня 2026 г. адбыўся семінар «Алгарытм напісання курсавой работы», арганізаваны кафедрай тэорыі і практыкі германскіх моў (адказны – старшы выкладчык кафедры тэорыі і практыкі германскіх моў Ала Паўлаўна Мясаед). Удзельнікамі семінара выступілі студэнты лінгвістычнага факультэта груп СЗМн-32 і СЗМн-33.

У рамках семінара былі вызначаны асаблівасці падрыхтоўкі (выбар тэмы, агляд навуковай літаратуры), планавання (складанне структуры) і напісання (распрацоўка раздзелаў: уводзіны, асноўная частка, заключэнне) курсавой работы. Асаблівая ўвага нададзена працы з навуковымі крыніцамі, правілам цытавання, захаванню структуры і навуковага стылю, паслядоўнасці выкладання пры апісанні ходу і вынікаў даследавання, афармленню спісу крыніц у адпаведнасці з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца пры падрыхтоўцы курсавой работы.

16 студзеня 2026 г. кафедрай прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі арганізаваны навукова-практычны семінар з удзелам прадстаўнікоў устаноў адукацыі «Прафесійнае станаўленне будучага настаўніка замежнай мовы», падчас якога студэнты і выкладчыкі лінгвістычнага факультэта атрымалі магчымасць абмеркаваць з настаўнікамі актуальныя пытанні адаптацыі маладых спецыялістаў і абмяняцца перадавым вопытам у галіне выкладання замежных моў, тым самым умацоўваючы сувязі паміж установамі адукацыі. З дакладамі выступілі: Бірукова Анастасія Аляксандраўна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Ліцэй № 1 г. Баранавічы» (даклад «Сістэма работы з маладымі спецыялістамі ва ўстанове адукацыі»), Стрэчань Іна Анатольеўна, настаўнік вышэйшай катэгорыі ДУА «Гімназія № 1 г. Баранавічы» (даклад «Рэкамендацыі па вядзенні класных журналаў»), Пятакова Таццяна Сяргееўна, старшы выкладчык кафедры прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі БарДУ, Юхневіч М., Грыневіч У., студэнты групы СЗМ-52 (даклад «Лічбавы памочнік у класе: прымяненне штучнага інтэлекту ў выкладанні англійскай мовы»).

16 студзеня 2026 г. адбылася Навуковая галерэя «Ключавыя здольнасці моўнай асобы XXI стагоддзя», арганізаваная кафедрай тэорыі і практыкі германскіх моў. Мерапрыемства аб’яднала студэнтаў, магістрантаў, выкладчыкаў з універсітэтаў Беларусі і Расіі, якія імкнуцца асэнсаваць выклікі сучаснай камунікацыі. Да дыялогу далучыліся спецыялісты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Арэнбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Ульянаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. М. Ульянава.

Праграма галерэі адкрылася секцыяй, прысвечанай лічбаваму вымярэнню мовы. Цэнтральнай тэмай другой часткі мерапрыемства стала інтэграцыя тэхналогій, у тым ліку штучнага інтэлекту, у адукацыйны працэс. Завяршыла галерэю глыбокая рэфлексія аб фундаментальных здольнасцях сучаснай асобы. Як было адзначана ў адным з заключных дакладаў, менавіта здольнасць да глыбокага міжасобаснага разумення становіцца ядром, вакол якога будуюцца эфектыўныя дыялогі ў глабалізаваным свеце.

16 студзеня 2026 г. кафедрай прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі праведзены VII Міжнародны конкурс перакладу «Бяссонная ноч перакладчыка-2026». У конкурсе прынялі ўдзел студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ульянаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. М. Ульянава, Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, Іванаўскага дзяржаўнага энергетычнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, Таганрогскага інстытута кіравання і эканомікі. На конкурс пададзена 106 работ па моўных і нямоўных спецыяльнасцях. Пераклад ажыццяўляўся на англійскую, нямецкую, кітайскую і французскую мовы па наступных відах тэкстаў: мастацкі, навуковы і публіцыстычны.

19 студзеня 2026 г. кафедрай філалогіі арганізаваны круглы стол на тэму «Знакавая прырода літаратуры». У ім прынялі ўдзел не толькі выкладчыкі і студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але і іх калегі з Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта: Цярнова Таццяна Анатольеўна, доктар філалагічных навук, прафесар; Фенчук Алег Мікалаевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; Фёдарава Е., студэнт IV курса. Мэтай круглага стала быў абмен навуковым вопытам у галіне літаратуразнаўства. Змест дакладаў дэманстраваў прымяненне найбольш складанага метаду ў навуцы аб літаратуры – семіётыкі. Кожны з 6 прадстаўленых дакладаў выклікаў у прысутных шэраг пытанняў, што сведчыць аб зацікаўленасці ў праблеме вывучэння літаратуры з пазіцый тартуска-маскоўскай семіятычнай школы.

22 студзеня 2026 г. у рамках Урачыстага сходу выкладчыкаў і студэнтаў БарДУ, прысвечанага Дню беларускай навукі, Алена Іванаўна Белая, прафесар кафедры філалогіі, доктар філалагічных навук, дацэнт, прымала віншаванні з прысваеннем звання «Ганаровы прафесар БарДУ». За высокія вынікі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Ганаровымі граматамі ўніверсітэта, граматай і падзякай узнагароджаны 7 выкладчыкаў, дыпломамі – 13 студэнтаў факультэта.

23.01.2026