УНИВЕРСIТЭТ

Тыдзень лінгвістычнага факультэта

З 17 па 24 красавіка 2025 года праходзіў Тыдзень лінгвістычнага факультэта, які быў напоўнены шматлікімі і разнастайнымі мерапрыемствамі.

Адкрыла Тыдзень лінгвістычнага факультэта інтэрактыўная пляцоўка “English Speaking Club” для навучэнцаў ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Баранавічы» на тэму «Велікодныя традыцыі ў Беларусі і англамоўных краінах». У рамках мерапрыемства былі арганізаваны інтэрактыўныя гульні і абмеркаванне традыцый святкавання Вялікадня ў розных краінах, затым студэнты пачаставалі школьнікаў прысмакамі.

18 красавіка студэнты і выкладчыкі лінгвістычнага факультэта ў рамках супрацоўніцтва з установамі адукацыі наведалі Брэсцкае абласное кадэцкае вучылiшча, у якiм прайшло ўрачыстае мерапрыемства «Дзякуй за службу! Дзякуй за сяброўства!».

Найбольш насычанымі днямі Тыдня сталі 22 і 23 красавіка. Дыялогавая пляцоўка «Адкрыты мікрафон» з удзелам адміністрацыі факультэта, выпускнікоў факультэта розных гадоў для студэнтаў I курса прайшла ў атмасферы адкрытасці, даверу. Выпускнікі Ангеліна Ахрымовіч, Расціслаў Ліцкевіч, Ганна Кеда падзяліліся з першакурснікамі сваім вопытам студэнцкага жыцця, расказалі пра першыя гады педагагічнай дзейнасці, адказалі на пытанні студэнтаў, далі парады, як арганізаваць свой дзень, як спраўляцца з цяжкасцямі. Сярод запрошаных была і Паліна Сташынская, студэнтка групы СЗМ-51, якая распавяла пра свой вопыт навучання ў Кітаі.

22 красавіка студэнцкi савет лінгвістычнага факультэта сумесна са студэнцкiм саветам інжынернага факультэта правялі таксама дыскатэку «Вясновы рытм 1.0» з конкурснай праграмай, афармленнем фотазоны, выбарам Караля і Каралевы дыскатэкі.

23 красавіка студэнтамі групы НА-41, куратарамi Я. М. Васiльчук i А. У. Татарыновiч праведзена выхаваўчае мерапрыемства на нямецкай і беларускай мовах «Паэтычнае караоке» для студэнтаў I курса, якія вывучаюць нямецкую мову як другую замежную. Мерапрыемства насіла спаборніцкі характар, удзельнікам трэба было прайсці этапы: «Лепшы чытальнік», «Акцёр», «1, 2, 3...», «Нямецкія скорагаворкі», «Беларускія скорагаворкі». «Паэтычнае караоке» прайшло весела, дынамічна. Атмасфера захаплення дала магчымасць першакурснікам пераадолець сарамлівасць, скаванасць, зняць моўны бар’ер. У канцы мерапрыемства члены журы падвялі вынікі, уручылі ўсім удзельнікам салодкія прызы, а таксама ўзнагародзілі пераможцаў падарункамі.

Завяршыла Тыдзень лінгвістычнага факультэта мерапрыемства для студэнтаў нямоўных спецыяльнасцей «У гасцях у казкі» і літаратурная гасцёўня «Паэтычны мост» для кітайскіх студэнтаў, якія вывучаюць рускую мову. Замежныя студэнты падрыхтавалі выразнае чытанне вядомых твораў А. С. Пушкіна, С. Ясеніна, К. Сіманава, А. Блока і іншых. Нягледзячы на хваляванне, усе выступілі вельмі годна, што пацвердзілі шчырыя апладысменты гледачоў. У завяршэнні Ван Хан выканаў знакамітую «Кацюшу», якую падхапілі ўсе прысутныя. Для кітайскіх студэнтаў мерапрыемства стала прызнаннем іх поспехаў і стымулам для далейшага вывучэння рускай мовы.

30.04.2025