УНИВЕРСIТЭТ

Мастацтва на бітым шкле

У бібліятэцы Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла творчая з серыі «Таленавітыя беларусы».

У нас у гасцях - Раман Бондар, незвычайны малады мастак, музыка па адукацыі, аматар авантурных падарожжаў, бацька вялікага сямейства, шчыры чалавек. Жыве Раман у Баранавічах.

Яго палатно - шкло, а пэндзлі - малаток і зубіла. Такога вы сапраўды не бачылі!

Адмысловая тэхніка працы дапамагае стварыць па-сапраўднаму нешта цудоўнае ў сучасным мастацтве. "У такой тэхніцы працуюць з дзесятак чалавек у свеце, сакрэты ніхто не выдае, навучанне ніхто не праводзіць", - сказаў наш госць. Раман распавёў аб тэхніцы шклянога арта, як метадам спроб і памылак сам навучаецца, як наносіць кропкавы ўдар па шкле. Якая асоба можа натхніць мастака на стварэнне партрэта? Калі міміка на фота выклікала мурашкі - чакай шэдэўра.

Дзее майстар у сваім гаражы, адбіваючы рытмы нібы на барабанах. Так нараджаецца эксклюзіў. Гранжавыя партрэты Раман бачыць у сучасным інтэр'еры, лагатыпах, вітрынах магазінаў. На стварэнне адной карціны ідзе ад аднаго дня да месяца і важыць яна ад 6 кілаграм. У планах Рамана Бондара - пакінуць свой след не толькі ў Баранавічах, але і далёка за яго межамі.

Наш госць цікава і шчыра расказаў, як ідзе за сваёй марай, як падарожнічае, як змагаецца з маркотай і адкуль бярэ натхненне. Раману задавалі шматлікія пытанні, а пасля сустрэчы ўсе прысутныя доўга разглядалі яго карціны.

Спадзяемся, што сустрэча ў фармаце інтэрв'ю, выклікала ў сэрцах гледачоў водгук і дасць камусьці штуршок да здзяйснення сваёй творчай мары!

02.04.2024