БарДУ сустрэў новае пакаленне студэнтаў!

Свята «Віват, першакурснік-2019! Віват, БарДУ!» азнаменавала пачатак студэнцкага жыцця для больш за паўтысячы новаспечаных першакурснікаў.

Для шаснаццатага пакалення студэнцкай моладзі былі падрыхтаваны інтэрактыўныя пляцоўкі, сюрпрызы, віншаванні, творчыя падарункі і, безумоўна, тэатралізаваны абрад пасвячэння, падчас якога ўчарашнія школьнікі ўрачыста прынялі Клятву студэнта БарДУ.

З уступленнем у шэрагі студэнцкай супольнасці першакурснікаў павіншавалі рэктар універсітэта – доктар навук, прафесар В.І. Качурка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т.Р. Якубовіч. Яны ўрачыста ўручылі сімвалічную заліковую кніжку і студэнцкі білет прадстаўнікам чатырох факультэтаў, якія набралі пры паступленні ва ўніверсітэт найвышэйшыя балы.

Па добрай традыцыі благаславілі першакурснікаў на паспяховае навучанне прадстаўнікі духавенства – настаяцель прыхода храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага Віталь Лазоўскі і настаяцель Рымска-каталіцкай парафіі святога Зыгмунта Богдан Крыньскі.

Мастацкія калектывы аддзела культуры і творчасці БарДУ прадставілі першакурснікам маляўнічую канцэртную праграму, фіналам якой стала сумеснае выкананне гімна ўніверсітэта.

Завяршыліся святочныя мерапрыемствы для першакурснікаў вясёлай студэнцкай вечарынай.

Адказны за дакладнасць і карэктнасць прадстаўленай інфармацыі педагог-арганізатар аддзела культуры і творчасці Чарнагрэбель Вікторыя Сяргееўна, телефон 60 61 48

2019-09-06

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ