Віншуем пераможцаў і актыўных удзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «F.-ART.by»

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і актыўных удзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «F.-ART.by». На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі замежных дыпламатычных пасольстваў Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адміністрацыя Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, прадстаўнікі ўніверсітэтаў краіны. Урачыстую цырымонію закрыцця фестывалю і ўзнагароджання пераможцаў адкрыў намеснік міністра адукацыі С.В. Руды.

Установа адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» увайшла ў лік пераможцаў фестывалю з 50 універсітэтаў краіны, папоўніўшы сваю скарбонку дасягненняў значнымі ўзнагародамі:

  • ДЫПЛОМАМ і КУБКАМ фестывалю ўзнагароджана ўстанова адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» (рэктар В.І. Качурка)
  • ДЫПЛОМАМ І СТУПЕНІ Рэспубліканскага конкурсу міжвузаўскіх інавацыйных праектаў і інфармацыйна-метадычных модуляў «Студэнцтва свету: творчая садружнасць» і ПАМЯТНЫМ ЗНАКАМ фестывалю ўзнагароджаны Г.У. Грэзе, В.С. Чарнагрэбель, А.С. Пшэўлоцкая
  • ДЫПЛОМАМ І СТУПЕНІ Рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта «Мой родны кут, як ты мне мілы» ўзнагароджаны Л.Р. Нджонганг Коуананг (студэнт інжынернага факультэта), А.А. Канановіч (студэнт інжынернага факультэта), клуб па інтарэсах «Садружнасць культур» аддзела культуры і творчасці
  • ДЫПЛОМАМ за актыўны ўдзел у мерапрыемствах фестывалю ўзнагароджана студыя мастацкага чытання «Дзеяслоў» (кіраўнік – А.С. Пшэўлоцкая)

Праграма закрыцця рэспубліканскага фестывалю ўключала шэраг мерапрыемстваў: прэзентацыю творчых работ пераможцаў конкурсу і работу інтэрактыўных пляцовак, на адной з якіх выступілі прадстаўнікі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта – удзельнікі клуба «Садружнасць культур», студыі мастацкага чытання «Дзеяслоў», народнага тэатра моды «Світа». Бурныя апладысменты ў гледачоў выклікаў аповяд пра сваю краіну студэнта з Камеруна Ліянэля Рычы, які таксама прамовіў на беларускай мове знакамітыя радкі з верша Я. Коласа «Мой родны кут, як ты мне мілы...». Вельмі ўразіла прысутных і дэманстрацыя адзначанага дыпломам I ступені відэароліка з удзелам Ліянэля (аўтарам ідэі выступіла А. Пшэўлоцкая, відэаздымка К. Гайдука, мантаж А. Канановіча).

Завяршэннем рэспубліканскага фестывалю стала фотасесія і сяброўскія абдымкі замежных і беларускіх студэнтаў.

2017-12-28

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ