У БарДУ з поспехам прайшоў міжнародны фестываль творчасці беларускіх і замежных студэнтаў

Напярэдадні Сусветнага дня моладзі з 8 па 10 лістапада Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт прымаў гасцей III Адкрытага міжнароднага фестывалю #ТворчасцьПасолМіру, які ў гэтым годзе аб'яднаў ідэяй руху праз творчасць да міру прадстаўнікоў 18 нацыянальнасцяў.

Удзельнікамі трохдзённага творчага марафона сталі беларускія і замежныя студэнты з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі (Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта), у ліку якіх прадстаўнікі Кітая, Карэі, Туркменістана, В'етнама, Арменіі, Камеруна, Іарданіі, Лівіі, Егіпта і іншых краін. Па добрай традыцыі ўдзел у фестывалі прынялі студэнты Міжнароднага эканоміка-гуманітарнага ўніверсітэта імя акадэміка С. Дзем'янчука (Украіна, г. Роўна). Аднак маладзёжны фестывальны рух зноў пашырыў свае межы, і ў гэтым годзе да яго ўпершыню далучыліся студэнты філіяла Акадэміі фізічнага выхавання імя Ю. Пілсудскага ў Бяла-Падлясцы (Рэспубліка Польшча).

Маляўнічай кульмінацыяй фестывалю стаў унікальны ў сваім родзе полікультурны гала-канцэрт, падрыхтаваны рэжысёрска-пастановачнай групай аддзела культуры і творчасці пры падтрымцы адміністрацыі ўніверсітэта і асабіста рэктара В.І. Качурка. Напоўненае студэнцкім пазітывам і інтэрнацыянальным каларытам, яркае сцэнічнае дзеянне літаральна з першых хвілін захапіла ўвагу гледачоў. Выклікаючы шчырую цікавасць, кожны творчы нумар падтрымліваў атмасферу сяброўства і стварэння, якая панавала ў зале, уносіў сваю непаўторную фарбу ў шматнацыянальную палітру фестывалю.

Чарговае свята студэнцкай творчасці і міжкультурных зносін адбылося! Будзем з нецярпеннем чакаць новай фестывальнай хвалі 2018 года!

2017-11-17

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ