УНИВЕРСIТЭТ

Сустрэча з выпускнікамі лінгвістычнага факультэта «Мой шлях у прафесіі: ад студэнта да кіраўніка»

16 красавіка 2024 г. на лінгвістычным факультэце адбылася сустрэча выпускнікоў мінулых гадоў А. А. Антоннікавай, настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 19 г. Баранавічы», Р. Д. Нагулевіча, настаўніка англійскай мовы ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Баранавічы імя С. І. Грыцаўца», А. В. Шлег, выкладчыка-стажора кафедры філалогіі, В. С. Тураўца, выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі германскіх моў, са студэнтамі і выкладчыкамі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася Таццяна Міхайлаўна Пучынская, дэкан лінгвістычнага факультэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. У фармаце дыялогавай пляцоўкі на тэму «Мой шлях у прафесіі: ад студэнта да кіраўніка» выпускнікі падзяліліся сваім педагагічным вопытам, цікавымі выпадкамі са школьнага жыцця, а таксама расказалі пра некаторыя складаныя моманты у працы настаўніка.

Падчас сустрэчы студэнты мелі магчымасць задаць пытанні, якія іх цікавяць, адносна класнага кіраўніцтва, канікулаў, запаўнення дакументацыі і ўніверсітэцкага жыцця выпускнікоў.

Завяршылася мерапрыемства музычным падарункам ад студэнткі лінгвістычнага факультэта, а таксама словамі падзякi і добрымi пажаданнямі. Выпускнікі яшчэ раз пагрузіліся ў студэнцкае жыццё і паабяцалі часцей заходзіць у родны БарДУ.

19.04.2024