УНИВЕРСIТЭТ

Навагодняе свята падарылі дзецям выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта ўдзельнікі народнага тэатра мініяцюр «Сафіт»

Атмасфера сапраўднага свята, радасці і чараўніцтва запанавала ў сценах танцавальнай залы ўніверсітэта напярэдадні Новага года. Па добрай традыцыі займальную зімовую казку з захапляльнай сюжэтнай лініяй і яркімі персанажамі падарылі маленькім гледачам удзельнікі народнага маладзёжнага тэатра мініяцюр «Сафіт».

Тэатралізаванае прадстаўленне «Весела, весела сустрэнем Новы год!» (рэжысёр-пастаноўшчык Г.У. Грэзе) вельмі ўразіла не толькі дзяцей, але і дарослых. Вясёлая Клаунэса, Навагодзік, Ліса Аліса, Атаманша, Баба Яга, Воўк, Дзед Мароз, Снягурка і гарэзная Свінка Пэпа – сімвал 2019 года – літаральна з першых хвілін свайго з’яўлення авалодвалі ўвагай гледачоў, якія з захапленнем назіралі за кожным сцэнічным дзеяннем, з цікавасцю сустракалі прэтэндэнтак на ролю Снягуркі і чакалі з’яўлення сапраўднай ўнучкі Дзеда Мароза.

Навагодняе свята, арганізаванае аддзелам культуры і творчасці сумесна з прафсаюзнай арганізацыяй супрацоўнікаў БарДУ (старшыня Л.У. Жывула), прайшло заўзята і весела: з навагоднімі песнямі, загадкамі, гульнямі, карагодамі каля прыбранай прыгажуні-Ёлкі, запальным танцавальным флэшмобам, уручэннем падарункаў і незабыўнай фотасесіяй з казачнымі персанажамі.

Няхай жа цуды працягваюцца, а новы 2019 год напаўняецца шчаслівымі і радаснымі падзеямі, усмешкамі і прыемнымі сюрпрызамі!

08.01.2019