УНИВЕРСIТЭТ

Прынялі эстафету рэспубліканскага АРТ-марафону!

У фармаце абласнога міжвузаўскага этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце з поспехам прайшлі тэматычныя дні «Надышоў час АРТ-вакацый!».

У першы дзень рэктар універсітэта В.І. Качурка, першы прарэктар А.М. Унсовіч і начальнік аддзела культуры творчасці Г.У. Грэзе адкрылі фестывальную пляцоўку ў БарДУ – другую пляцоўку Брэсцкай вобласці рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «АРТ-вакацыі-2018». Студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта разам са студэнтамі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама з навучэнцамі старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі г. Баранавічы выканалі масавы танцавальны флэшмоб «Прымаем эстафету АРТ-марафона Брэстчыны».

На працягу двух фестывальных дзён святочную атмасферу стваралі творчыя інтэрактыўныя пляцоўкі: займальныя майстар-класы кіраўнікоў народных мастацкіх калектываў, АРТ-зона «Жывыя карціны» і АРТ-пляцоўка «У гасцях у Мельпамены», паэтычны марафон «Чытаем Міцкевіча. Пан Тадэвуш», музычная пляцоўка «Джаз заўсёды ў модзе», біт-бокс батл, візуальны перфоманс «АРТ-партал», майстар-клас студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па тэхніцы «Летэрынг», майстар-клас па лацінаамерыканскіх танцах, перфоманс «Comic-con», экспазіцыя «АРТ-вакацыі праз прызму часу».

Маляўнічым працягам прадмовы, прадстаўленай у якасці інтэрактыўных пляцовак, відэапрэзентацый і фатазон, з'явілася тэматычная канцэртная праграма ўстаноў адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» і «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт». Рэспубліканскае журы і ўсе прысутныя ў зале сталі сведкамі яркага таленту і майстэрства, увасаблення самых смелых і крэатыўных ідэй.

Сінтэз беларускай нацыянальнай культуры і сучасных маладзёжных напрамкаў, канструктыўны дыялог нацыянальнасцяў і культур, здаровы дух саперніцтва і творчае ўзаемадзеянне ўніверсітэтаў у працэсе пастаноўкі агульнага сцэнічнага дзеяння – усё гэта фестываль «АРТ-вакацыі-2018» у Баранавічах. З нецярплівасцю чакаем вынікаў і творчых перамог! Да сустрэчы, «АРТ-вакацыі» ў Магілёве!

05.04.2018