УНИВЕРСIТЭТ

Творчы конкурс самых арыгінальных Ёлачак прайшоў у БарДУ

Напярэдадні Новага года аддзел культуры і творчасці сумесна з прафсаюзнай арганізацыяй супрацоўнікаў абвясцілі конкурс «На самую крэатыўную і арыгінальную Ёлачку БарДУ», у якім прынялі актыўны ўдзел студэнты, крэатыў-каманды факультэтаў, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта. На званне «Самай крэатыўнай і арыгінальнай» прэтэндавала паўсотні непаўторных аўтарскіх Ёлачак, а само пераднавагодняе ёлачнае шэсце працягвалася з 14 па 28 снежня.

Палюбавацца на рукатворных прыгажунь і прагаласаваць за ўпадабаную Ёлачку можна было 14 снежня ў вестыбюлі трэцяга корпуса. У гэты ж дзень конкурсныя работы ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі начальнік аддзела культуры і творчасці Г.У. Грэзе, старшыня прафсаюзнай арганізацыі супрацоўнікаў І.М. Мякіш, кіраўнік гуртка выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Л.Р. Капуза, педагог-арганізатар А.Г. Неўдах. І ўжо 21 снежня ў вестыбюлі першага корпуса была арганізавана выстава навагодніх Ёлачак і праведзена цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу сярод студэнцкіх работ.

Па рашэнні журы ганаровае першае месца на пераможным п'едэстале заняла Ёлачка студэнткі другога курса факультэта педагогікі і псіхалогіі Семяновіч Марты. Другое месца занялі конкурсныя работы Кацько Паліны (факультэт педагогікі і псіхалогіі), Панкевіч Кацярыны (факультэт славянскіх і германскіх моў), Лічык Алены (факультэт педагогікі і псіхалогіі). Заслужанае трэцяе месца падзялілі аўтарскія Ёлачкі ў выкананні Ліпніцкай Юліі (факультэт эканомікі і права), Чаркасава Мікалая (інжынерны факультэт), Размысла Марты (факультэт славянскіх і германскіх моў).

Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны конкурсныя работы студэнтаў групы ДА-31 факультэта педагогікі і псіхалогіі, групы БІЯ-11 факультэта славянскіх і германскіх моў, студэнткі факультэта педагогікі і псіхалогіі Шастаковіч Святланы. Спецыяльнага прыза ад начальніка аддзела культуры і творчасці была ўдастоена Ёлачка студэнтаў факультэта славянскіх і германскіх моў Луцкай Ірыны, Алякперавай Юліі, Калушэнкавай Ангеліны. Пераможцам у намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў» па выніках галасавання стала Ёлачка крэатыў-каманды «Гаечка» інжынернага факультэта.

У рамках праекта-конкурсу «Лепшая крэатыў-каманда БарДУ» журы асобна ацаніла Ёлачкі, зробленыя ўдзельнікамі крэатыў-каманд. Пераможнае першае месца заняла Ёлачка крэатыў-каманды "IQ" факультэта педагогікі і псіхалогіі. Другое месца было аддадзена Ёлачцы крэатыў-каманды "VIP" факультэта славянскіх і германскіх моў. Трэцяе месца падзялілі творчыя работы ўдзельнікаў крэатыў-каманды «Гаечка» інжынернага факультэта і крэатыў-каманды "International team" факультэта эканомікі і права.

Усе пераможцы і прызёры конкурсу былі ўзнагароджаны Дыпломамі і грашовымі сертыфікатамі ад аддзела культуры і творчасці.

Вынікі конкурсу «На самую крэатыўную і арыгінальную Ёлачку» сярод супрацоўнікаў універсітэта былі падведзены 28 снежня. Па рашэнні журы Дыпломамі I ступені былі ўзнагароджаны супрацоўнікі кафедры аграрных дысцыплін інжынернага факультэта і супрацоўнікі бібліятэкі, Дыпломам II ступені ўзнагароджана кафедра дашкольнай адукацыі факультэта педагогікі і псіхолагіі. У індывідуальнай намінацыі Дыпломамі ўзнагароджаны начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю І.С. Булыга і куратар групы, выкладчык факультэта эканомікі і права А.М. Пруднікава. Разам з дыпломамі пераможцам былі ўручаны спецыяльныя прызы ад прафсаюзнай арганізацыі супрацоўнікаў БарДУ.

Зарад пазітыву, крэатыву і выдатнага навагодняга настрою падарыў конкурс усім яго ўдзельнікам, студэнтам і супрацоўнікам універсітэта!

05.01.2018