УНИВЕРСIТЭТ

МААП БарДУ «Альфа» заняў 2-е месца ў рэспубліканскай спартакіядзе «Акадэмія мужнасці»

Рэспубліканская спартакіяда маладзёжных атрадаў аховы правапарадку «Акадэмія мужнасці — 100 гадоў ВЛКСМ» адбылася 23-24 кастрычніка ў Мінску.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за сто байцоў і камандзіраў з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, аб’яднаных у сем зборных каманд рэгіёнаў.

Спаборніцтвы зборных каманд прайшлі ў два этапы. У першы дзень была падрыхтавана ваенна-інтэрактыўная праграма, якая ўключала ў сябе наведванне пакоя баявой славы злучэння, спаборніцтвы па няпоўнай разборцы і зборцы аўтамата АК-74, майстар-клас па ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы.

Затым удзельнікі спартакіяды выявілі мацнейшых у стральбе з пнеўматычнай зброі, кіданні гранаты на дальнасць, гіравым спорце, прававой падрыхтоўцы. Акрамя таго, яны прадэманстравалі навыкі аховы правапарадку ў сумесным патруляванні з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы ГУУС сталіцы.

Другі спаборніцкі дзень быў насычаны змаганнем па спецыяльнай падрыхтоўцы: страявой вывучцы, пераадоленні паласы перашкод, бегу на 100 м і 1000 м. Фіналам сілавы часткі спаборніцтваў стаў конкурс па перацягванні каната.

Перад удзельнікамі спартакіяды расчыніліся дзверы навучальных класаў воінскага злучэння. Вайскоўцы 120‑й асобнай гвардзейскай брыгады азнаёмілі юных ахоўнікаў правапарадку з сучаснай вучэбна-матэрыяльнай базай. Госці сталіцы кіравалі баявымі машынамі за рычагамі трэнажораў БМП-2 і Т-72Б, папрактыкаваліся ў вядзенні віртуальнага супрацьпаветранага бою на трэнажоры ПЗРК “Ігла”.

Па выніках спаборніцтваў у асабістым і камандным першынстве ў выніку сумленнай барацьбы былі вызначаны прызёры.

1-е месца - зборная каманда Гомельскай вобласці.

2-е месца - зборная каманда Брэсцкай вобласці (БарДУ і ПалесДУ).

3-е месца - зборная каманда Віцебскай вобласці.

Пераможцы і ўдзельнікі спартакіяды павезлі з сабой не толькі дыпломы і каштоўныя падарункі, але і новыя ўражанні датычнасці да вялікай справы - забеспячэння бяспекі на роднай беларускай зямлі.

29.10.2018