УНИВЕРСIТЭТ

Студэнтка БарДУ прымае ўдзел у Нацыянальным конкурсе прыгажосці!

На адборачным этапе Нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь-2018», які пройдзе ў Брэсце 3 лютага, горад Баранавічы прадставіць студэнтка другога курса факультэта славянскіх і германскіх моў Антаніна Бохан.

Першыя ўрокі дэфіле Антаніна атрымала ў народным тэатры моды «Світа» аддзела культуры і творчасці БарДУ (кіраўнік М.В. Лукашэвіч). Далейшай падрыхтоўкай канкурсантак займаліся спецыялісты Баранавіцкага гарадскога дома культуры і выкладчыкі філіяла Нацыянальнай школы прыгажосці С. Нагорнага ў г. Баранавічы. Падчас рэпетыцый дзяўчаты асвойвалі акцёрскае майстэрства, удасканальвалі навыкі подыумнага дэфіле і харэаграфіі, вывучалі асновы правільнага харчавання, ну і, вядома ж, працавалі над творчымі нумарамі.

У БарДУ ўсе ведаюць Антаніну як актыўную ўдзельніцу народнай студыі эстраднай песні «Талент», якая неаднаразова скарала сваім талентам гледачоў і журы вакальных конкурсаў. Дарэчы, падрыхтоўкай вакальнага нумара Антаніна займалася ў аддзеле культуры і творчасці БарДУ са сваім кіраўніком Н.Л. Семянковай. Антаніна таварыская і прыгожая дзяўчына. Таму мы верым, што ў нашай студэнткі ёсць усе шанцы прайсці абласны адборачны этап і годна прадставіць сябе і родны ўніверсітэт на фінале конкурсу «Міс Беларусь-2018» у Мінску! Жадаем поспеху!

01.02.2018