УНИВЕРСIТЭТ

Вынікі конкурсу самаробнай кнігі «Шэсць пачуццяў»

Вынікі конкурсу самаробнай кнігі «Шэсць пачуццяў» былі аб’яўлены на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі маладых даследчыкаў «Садружнасць навук-2018».

Пра тое, што конкурс адбыўся, можна меркаваць па колькасці прадстаўленых на конкурс работ. Для ўдзелу ў конкурсе нашымі студэнтамі было зроблена 22 кнігі, з іх 18 індывідуальных і 4 калектыўныя працы. Асабліва хочацца адзначыць, што ў конкурсе прынялі ўдзел студэнты ўсіх факультэтаў.

Выраб кнігі сваімі рукамі ў цяперашні час – папулярная «мода» ў многіх краінах Еўропы. І не дзіўна, такая кніга нестандартная, ад яе зыходзіць цеплыня аўтара, яна адрасавана дзіцяці індывідуальна.

Усе прадстаўленыя кнігі – яркія, яны прывабліваюць увагу, эстэтычна аформленыя.Такія кнігі спадабаюцца кожнаму дзіцяці. Яны могуць выкарыстоўвацца і для атрымання акадэмічных ведаў, і для развіцця ўвагі, дробнай маторыкі, сэнсарных адчуванняў, для развіцця кругагляду – і заўсёды для радасці дзіцяці.

Мэты і задачы, якія ставілі арганізатары конкурсу – бібліятэка ўніверсітэта і рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, – дасягнуты. Працуючы ў зададзеным кірунку, студэнты атрымалі ўяўленне аб дзецях з асаблівасцямі развіцця ва ўмовах інклюзіўнай адукацыйнай прасторы. Сваіх мэтаў дасягнула і бібліятэка. Мы ўжылі ў рабоце новую форму, накіраваную на папулярызацыю кнігі і чытання метадам творчага самавыяўлення.

Паколькі гэта быў конкурс, у ім ёсць пераможцы і паспяховыя ўдзельнікі. Кнігі вырабляліся студэнтамі спецыяльнасці «Абслугоўваючая праца. Выяўленчае мастацтва», амаль прафесіяналамі мастацкай творчасці, і студэнтамі іншых спецыяльнасцей, для якіх гэты від дзейнасці з'яўляецца хобі. Ацэньваючы незвычайнай складанасці працы, якія з'яўляюцца проста шэдэўрамі ў гэтым кірунку, журы прыняло рашэнне вызначыць 3 першыя месцы, 2 другія месцы і 2 трэція месцы.

Месцы размеркаваліся наступным чынам:

  • 1-е месца:
    • Панкевіч Кацярына, студэнтка факультэта славянскіх і германскіх моў групы СЗМ-23;
    • Кацько Паліна, студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі групы АПЗ-11;
    • Храловіч Дыяна, студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі групы АПЗ-11;
  • 2-е месца
    • Грынько Вераніка, студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі групы ПП-31;
    • Лічык Алена, студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі групы АПЗ-11;
  • 3-е месца
    • калектыў аўтараў у складзе: Кавенько Вольга, Ярашэвіч Лізавета, Размысло Марта, студэнткі факультэта славянскіх і германскіх моў групы СЗМ-12;
    • Шарай Кацярына, студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі групы АПЗ-11.

Пераможцы конкурсу былі адзначаны дыпломамі і ўзнагароджаны сувенірамі ад бібліятэкі ўніверсітэта і рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі. Былі адзначаны таксама ўсе ўдзельнікі конкурсу. Студэнты атрымалі сертыфікаты і сувеніры ад спонсара конкурсу – гарадской арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» і сеткі кафэ «Бісквіт».

Арганізатары праекта – бібліятэка ўніверсітэта і рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі – выказваюць падзяку аўтарам самаробных кніг!

Ўбачыць і пакратаць усе гэтыя кнігі можна ў чытальнай зале новых паступленняў, каб. 203/3.

24.05.2018