УНИВЕРСIТЭТ

Удзел прафесара кафедры філалогіі А.І. Белай у Міжнародным кангрэсе славістаў-філолагаў

З 20 па 27 жніўня 2018 г. на Філалагічным факультэце Бялградскага ўніверсітэта (Сербія) працаваў XVI Міжнародны кангрэс славістаў, у якім удзельнічалі каля 1000 вучоных з 43 краін свету, члены Сербскай Акадэміі навук, прадстаўнікі ўрада і розных міністэрстваў Рэспублікі Сербія, члены дыпламатычных місій. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў член Міжнароднага камітэта славістаў акадэмік Аляксандр Лукашанец.

Міжнародны кангрэс славістаў-філолагаў адбываецца рэгулярна з 1929 года. 22 жніўня дэлегатаў XVI Кангрэса вітаў у сваёй рэзідэнцыі Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, а пасля ўрачыстай цырымоніі закрыцця ўдзельнікі Кангрэса былі прыняты ў мэрыі Бялграда.

У рамках гэтага маштабнага навуковага форуму прайшлі плянарныя пасяджэнні, вялася актыўная, насычаная праца па наступных тэматычных напрамках: «Мова», «Літаратура, культура, фальклор», «Пытанні славістыкі», «Спецыяльныя тэмы з’езда». Адбываліся пасяджэнні камісій, акрэдытаваных пры МКС, круглыя сталы, прэзентацыі праектаў і публікацый, працавалі выставы.  Працавалі 115 секцый, 32 тэматычныя блокі, прадстаўлена 25 прэзентацый.

У складзе беларускай дэлегацыі былі двое вучоных з Брэстчыны. Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт прадстаўляла прафесар кафедры філалогіі Алена Белая. Адпаведна плану работы секцыі «Славянскія літаратуры і культуры ў супастаўляльнай, міжлітаратурнай і інтэркультуральнай перспектыве» яна выступіла з дакладам «Эстэтыка-філасофскія дамінанты класічнага тыпу доктара і іх трансфармацыі ў славянскіх літаратурах ХХ стагоддзя», а таксама прыняла ўдзел у разнастайных мерапрыемствах праграмы кангрэса. На выставе славістычных публікацый усіх краін-удзельніц кангрэса была прадстаўлена і манаграфія А. Белай «Абрысы роднага: нацыянальныя локусы культуры ў беларускай прозе «эпохі рубяжа». Наступны, XVII Міжнародны кангрэс славістаў павінен адбыцца ў 2023 годзе ў Парыжы.

05.09.2018