УНИВЕРСIТЭТ

Інтэрактыўная пляцоўка «Традыцыі і культура Кітая»

З 1 верасня 2017 года ва ўніверсітэце функцыянуе Цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры, створаны пры непасрэдным удзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы з 2006 па 2010 год, прафесара, дырэктара Рэспубліканскага Інстытута кітаязнаўства пры Беларускім дзяржаўным універсітэце А.А. Тозіка.

28 лютага ў нашым універсітэце праведзена інтэрактыўная пляцоўка, прысвечаная традыцыям, звычаям святкавання Новага года, а таксама культурным асаблівасцям Кітая.

Пачатак мерапрыемства урачыстым словам адкрыў рэктар універсітэта, прафесар В.І. Качурка, зрабіўшы акцэнт на неабходнасці і надзвычайнай важнасці супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай у галіне адукацыі і навукі. Васіль Іванавіч прадставіў выкладчыка кітайскай мовы, грамадзянку Нін Цзюньцзе, якая праводзіць курсы кітайскай мовы для студэнтаў.

З аналітычнай інфармацыяй аб бягучым стане і перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Кітая выступіў прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат эканамічных навук, дацэнт В.В. Клімук, вызначыўшы вектары значнасці навукова-адукацыйнага, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін.

Першая частка мерапрыемства складалася з прадстаўлення для ўдзельнікаў інфармацыі пра традыцыі і звычаі ўрачыстага святкавання Новага года ў Кітаі. Былі прадстаўлены нумары студэнтаў, якія вывучаюць кітайскую мову ва ўніверсітэце: песні, танцы, чытанне вершаў, конкурсы з кітайскімі падарункамі.

Другая частка мерапрыемства прадстаўлена ў форме інтэрактыву - работы лакальных пляцовак з майстар-класамі ад выкладчыка кітайскай мовы Нін Цзюньцзе і студэнтаў, якія вывучаюць кітайскую мову.

На мерапрыемства для ўдзелу былі запрошаны студэнты - грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі - з іншых універсітэтаў Беларусі, фарміруючы разуменне агульнай мэты ў развіцці беларуска-кітайскіх адносін.

Наступнае мерапрыемства ў дадзеным фармаце плануецца на май 2018 года.

03.03.2018