УНИВЕРСIТЭТ

Выстава «Механіка па-беларуску» – да юбілею кандыдата тэхнічных навук, дацэнта, ветэрана працы С.І. Русана

С.І. Русан больш за 45 гадоў прысвяціў педагагічнай дзейнасці ў вышэйшай школе. З дня заснавання БарДУ ён з'яўляецца вядучым спецыялістам у галіне методыкі выкладання тэарэтычнай механікі, ажыццяўляе навуковую дзейнасць і займаецца выхаваннем давераных яму студэнтаў. Выкладчыкі і ветэраны інжынернага факультэта, былыя і цяперашнія студэнты, бібліятэкары прыйшлі ў чытальную залу для навуковай працы павіншаваць С.І. Русана, і ў кожнага знайшліся добрыя словы ў адрас юбіляра.

На выставе «Механіка па-беларуску» прадстаўлена больш за трыццаць навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў С.І. Русана. Сярод іх артыкулы ў зборніках канферэнцый і навуковых часопісах, вучэбна-практычныя дапаможнікі, магістарскія дысертацыі, абароненыя пад яго навуковым кіраўніцтвам. «Статыка», «Тэарэтычная механіка», «Ваганні механічных сістэм» ... Не адно пакаленне будучых спецыялістаў інжынернага профілю атрымала магчымасць вывучаць тэарэтычную механіку і іншыя дакладныя дысцыпліны на беларускай мове. Акрамя таго, Сяргей Іванавіч з'яўляецца аўтарам выдатных нарысаў аб студэнцкім жыцці і нават фантастычнай аповесці! Усе гэтыя творы апублікаваны ў газеце «Мой універсітэт», дзе Сяргей Іванавіч шмат гадоў вядзе рубрыку «Ад першай асобы».

Віншуем з днём нараджэння Сяргея Іванавіча, Вучонага, Педагога і Чалавека, які адданы сваёй радзіме і роднай мове!

30.03.2018