УНИВЕРСIТЭТ

Дзень музеяў у бібліятэцы

У чытальнай зале новых паступленняў адзначылі адно з самых цікавых святаў у свеце – Міжнародны дзень музеяў.

У бібліятэцы прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтага дня. Была арганізавана кніжная выстава «Музеі Беларусі». Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены ўсе кнігі, якія ёсць у бібліятэцы, аб музеях свету і нашай краіны. Асаблівая цікавасць на выставе была праяўлена да кніг «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь» і «Музей старажытнабеларускай культуры».

У гэты ж дзень прайшла сустрэча з кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам кафедры агульнанавуковых дысцыплін, выкладчыкам С.І. Русанам. Чым цікавая сустрэча? Цікавая тым, што Сяргей Іванавіч – рознабаковы чалавек. Ён сабраў вялікую калекцыю паштовак розных музеяў свету і ахвотна прадаставіў частку калекцыі для прагляду ў бібліятэцы. Пачатак калекцыі быў пакладзены яшчэ ў студэнцкія гады. Вывучаючы тэхнічныя дысцыпліны, Сяргей Іванавіч заўсёды захапляўся мастацствам. А захопленага чалавека заўсёды цікава слухаць. З вялікай карысцю для сябе правялі час студэнты першага курса групы АПВ-11 разам з куратарам Л.Р. Капуза.

З агляду выставы, які праводзіла бібліятэкар, студэнты даведаліся, што музеі бываюць самыя розныя: у ЗША існуе музей няўдалых твораў мастацтва, у Германіі ёсць музей хлусні, у Харватыі – музей няшчаснага кахання.

І ў святы, і ў будні варта вылучыць час на наведванне мастацкіх выстаў. Дарагія чытачы, а пакуль вы збіраецеся наведаць музеі свету – прыходзьце ў бібліятэку на выставу «Музеі Беларусі»! 

29.05.2017