УНИВЕРСIТЭТ

Памяці прафесара, доктара тэхнічных навук У.М. Благадарнага ў чытальнай зале для навуковай працы адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў інжынернага факультэта ўніверсітэта

Кніжная выстава «Вучоныя Беларусі», на прагляд да якой былі запрошаны тыя, хто вырашыў звязаць сваё жыццё з машынабудаваннем, была прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Маркавіча Благадарнага (26.04.1937 – 10.06.2014). На пасадзе прафесара кафедры тэхналогіі машынабудавання Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Уладзімір Маркавіч падрыхтаваў і выдаў тры манаграфіі, абараніў тры патэнты на карысныя мадэлі і тры патэнты на вынаходніцтвы. Усяго навукоўцам апублікавана каля 700 навуковых прац, абаронена 9 патэнтаў на карысныя мадэлі і вынаходніцтвы. Уладзімір Маркавіч з'яўляўся навуковым кіраўніком аспірантаў і магістрантаў БарДУ па спецыяльнасці «Тэхналогія і абсталяванне механічнай і фізіка-тэхнічнай апрацоўкі».

З вынікамі навуковай працы У.М. Благадарнага азнаёміліся студэнты чацвёртага курса спецыяльнасцей «Тэхналогія машынабудавання» і «Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці». Дзякуючы аповяду дацэнта кафедры тэхналогіі машынабудавання, кандыдата тэхнічных навук, дацэнта У.А. Драмука, старшага выкладчыка кафедры абсталявання і аўтаматызацыі вытворчасці М.М. Фядосава і выкладчыка кафедры тэхналогіі машынабудавання С.А. Саханько студэнты даведаліся пра Уладзіміра Маркавіча Благадарнага як пра Выкладчыка, Вучонага - даследчыка, выдатнага Чалавека.

04.05.2017