УНИВЕРСIТЭТ

Валанцёрскія атрады Студэнцкага навуковага таварыства арганізавалі Дзень асветы для студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта

27 лютага 2018 года падчас вялікіх перапынкаў першай і другой змены валанцёрскія атрады Студэнцкага навуковага таварыства арганізавалі для камандаў чатырох факультэтаў праходжанне Лабірынта спазнання на тэму: «Формула чалавечага шчасця». Удзельнікаў Дня асветы павітаў прарэктар па навуковай рабоце В.В. Клімук і кіраўнік СНТ  універсітэта К.Д. Быкоўская.

Пабудаваўшы і абгрунтаваўшы ўласную формулу шчасця, кожная каманда выканала заданні для высвятлення ўласнага маршруту праходжання лабірынта. На кожнай кропцы маршруту – за столікам валанцёрскіх атрадаў – каманды імкнуліся адказаць на пытанні пра інавацыі ў розных галінах навукі (псіхалогія, эканоміка, лінгвістыка і інш.), не выходзячы за межы наступных правіл: забаронена выкарыстанне мабільных тэлефонаў, адзін бал каманда магла атрымаць за дачу трох дакладных адказаў, пры няправільным адказе на пытанне адзін з удзельнікаў павінен быў як мага хутчэй дабегчы да фотазоны з навукоўцам. Навуковец паведамляў адказ на пытанне, што выклікала цяжкасці ва ўдзельніка, а таксама прапанаваў сфатаграфавацца ў капялюшыку асветы. Пасля рэалізацыі Лабірынта валанцёрамі СНТ  агучваліся ўсе навуковыя інавацыі, на грунце якіх канструяваліся пытанні да ўдзельнікаў.

Пераможцамі Лабірынта спазнання сталі каманды інжынернага факультэта і факультэта эканомікі і права, ім былі ўручаны салодкія прызы. Усе ўдзельнікі Дня асветы атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў і магчымасць пакінуць свой след у навуцы!

01.03.2018