УНИВЕРСIТЭТ

Адкрыццё Студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Прыкладная і эмпірычная псіхалогія»

Урачыстае адкрыццё студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі кафедры псіхалогіі «Прыкладная і эмпірычная псіхалогія» адбылося 5 снежня 2017 года. З прывітальным словам удзельнікам мерапрыемства выступілі прарэктар па навуковай рабоце Клімук Уладзімір Уладзіміравіч, кандыдат эканамічных навук, дацэнт; загадчык кафедры псіхалогіі, кіраўнік лабараторыі Яцэнка Таццяна Яўгенаўна, кандыдат псіхалагічных навук; намеснік  кіраўніка СНДЛ Міхеева Ганна, студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія». У ходзе вітальнага слова прарэктар па навуковай рабоце У.У. Клімук ўручыў Міхеевай Ганне навуковы сімвал лабараторыі, які адлюстроўвае значнасць захавання прынцыпу пераемнасці і ўзаемадзеяння ў навуковай дзейнасці ў галіне псіхалогіі вучоных, студэнтаў і навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты першага курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія» і «Сацыяльная педагогіка», навучэнцы ўстаноў адукацыі «Гімназія № 4 г. Баранавічы», «Гімназія № 1 г.Баранавічы», «Сярэдняя школа № 14 г. Баранавічы», якія робяць свае першыя крокі ў навуку, а таксама педагогі-псіхолагі і педагогі-арганізатары, выкладчыкі кафедры псіхалогіі.

Членамі студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі была падрыхтавана цікавая праграма, якая даказала, што навуковыя псіхалагічныя веды з’яўляюцца шматграннымі і карыснымі для штодзённага жыцця, а навуковая дзейнасць у галіне псіхалогіі – займальная і адкрывае мноства магчымасцяў для самавыяўлення і самарэалізацыі.

Вядучыя мерапрыемства – студэнты спецыяльнасці «Практычная псіхалогія» Дзядовіч Вераніка і Кіцун Уладзіслаў.

Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства былі прадстаўлены псіхалагічныя эфекты (Кіпель Андрэй, студэнт 2 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія»), найноўшыя адкрыцця ў галіне псіхалогіі ў іх прыкладным аспекце (Голас Міхаіл, студэнт 2 курса, і Вольніч Яна, студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія»), псіхалагічныя сцэнкі, якія ілюструюць перавагі ў міжасобасных адносінах і вучэбнай дзейнасці людзей, якія абапіраюцца ў жыцці на навуковыя псіхалагічныя веды, у параўнанні з тымі, для каго ўласціва псіхалогія абывацеля (Корпік Дзмітрый, Жаркоў Аляксей, студэнты 2 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія»; Скрыпінскі Максім, Зелянко Паліна, Ермаловіч Дар'я, студэнты 3 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія»; Вольніч Ульяна, Сцепачова Святлана, Шаўко Таццяна, студэнты 4 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія»).

Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць прыняць удзел у псіхалагічных эксперыментах (Падчашынская Анастасія, студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія») і псіхалагічнай віктарыне (Панчанка Алена і Дуняк Вікторыя, студэнткі 2 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія»).

Найбольш актыўныя студэнты, школьнікі і гімназісты на мерапрыемстве былі заахвочаны салодкімі прызамі.

Напрыканцы мерапрыемства праведзена рэфлексія, падчас якой навучэнцы і студэнты першага курса, педагогі-псіхолагі і педагогі-арганізатары ўстаноў адукацыі адзначылі, што праграма адкрыцця лабараторыі была насычанай, цікавай і карыснай. Многія школьнікі і гімназісты выказалі жаданне прымаць актыўны ўдзел у працы студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі кафедры псіхалогіі «Прыкладная і эмпірычная псіхалогія».

15.12.2017