УНИВЕРСIТЭТ

Удзельнікі мастацкіх калектываў БарДУ выступілі на рэспубліканскім мерапрыемстве

28 верасня, напярэдадні святкавання Дня настаўніка, у Беларускім дзяржаўным тэатры юнага гледача г. Мінска адбыўся ўрачысты канцэрт з удзелам педагагічнай грамадскасці краіны, арганізаваны ўстановай адукацыі «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на рэспубліканскім мерапрыемстве прадставілі кіраўнік студыі мастацкага чытання «Дзеяслоў» А.С. Пшэўлоцкая, удзельнікі студыі Яна Карпачова, Ілья Шушкевіч, Дзіяна Локтыш і ўдзельнік народнага маладзёжнага тэатра мініяцюр «Сафіт» Ягор Гавароўскі. У якасці творчага падарунка да свята яны падрыхтавалі рэцытацыю, прысвечаную 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі, класікаў нацыянальнай літаратуры і выдатных педагогаў Я. Коласа і Я. Купалы.

Твор «Вялікія настаўнікі Янка Купала і Якуб Колас» у аўтарскай пастаноўцы кіраўніка студыі «Дзеяслоў» зрабіў велізарнае ўражанне на ўсіх прысутных у зале. Бо са сцэны гучалі не толькі галасы прадстаўнікоў маладога пакалення, але і архіўныя аўдыёзапісы галасоў беларускіх паэтаў. Такі дыялог эпох, які стаў сувязной ніццю пакаленняў, прыкоўваў увагу гледачоў і літаральна заварожваў сваёй незвычайнай энергетыкай.

Віншуем удзельнікаў мастацкіх калектываў аддзела культуры і творчасці БарДУ з паспяховым выступленнем на рэспубліканскай сцэнічнай пляцоўцы!

02.10.2017