УНИВЕРСIТЭТ

Дэлегацыя ўніверсітэта прыняла ўдзел у II З’ездзе вучоных Рэспублікі Беларусь

З 12 па 13 снежня ў Мінску адбыўся II З’езд вучоных Рэспублікі Беларусь, удзел у якім прынялі 2100 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны.

Дэлегацыю Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзначаліў рэктар, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар В.І. Качурка.

У склад дэлегацыі ўвайшлі: У.У. Клімук, прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат эканамічных навук, дацэнт; А.І. Нарановіч, дэкан інжынернага факультэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт; М.В. Андрыяшка, загадчык кафедры агульнаправавых дысцыплін і дзяржаўнага кіравання, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт; Т.Я. Яцэнка, загадчык кафедры псіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук; С.К. Рындзевіч, дацэнт кафедры прыродазнаўчых дысцыплін, кандыдат біялагічных навук, дацэнт; В.І. Козел, дацэнт кафедры педагогікі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт; І.В. Пінюта, дацэнт кафедры прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі, кандыдат педагагічных навук.

У першы дзень З’езду была арганізавана работа па 9 секцыях:

  1. Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучага;
  2. Тэхнічныя навукі — Індустрыя — 4.0;
  3. Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне;
  4. Сучасныя біятэхналогіі;
  5. Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі;
  6. Айчынная гуманітарыстыка — грамадству;
  7. Інавацыйны аграпрамысловы комплекс;
  8. Моладзь і новыя гарызонты навукі;
  9. Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе.

У рамках работы З’езда ў дзяржаўнай установе адукацыі «Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» была арганізавана выстава «Моладзь і новыя гарызонты навукі», у якой прынялі ўдзел студэнты факультэта славянскіх і германскіх моў А. Дыкман, І. Аляксееў, Д. Паўлоўская, студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі Д. Філіповіч, а таксама выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Д.В. Рудая. Праца выставы арганізавана пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры педагогікі, кандыдата педагагічных навук, дацэнта В.І. Козел.

Другі дзень З’езду быў прадстаўлены выступленнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Аляксандр Рыгоравіч у сваім выступленні  вызначыў актуальныя напрамкі ўдасканалення і далейшага развіцця беларускай навукі, звязаныя з больш эфектыўным спалучэннем навукі і вытворчасці, навукова-тэхнічным удасканаленнем аграпрамысловага комплексу, развіццём IT-тэхналогій, працай па стварэнні навукова-тэхнічных паркаў у такіх галінах, як бія- і нанатэхналогіі, фармацыя і прыборабудаванне, даследаваннямі ў галіне гуманітарных навук, а таксама звязаныя з эфектыўнасцю сістэмы фінансавання навуковай і інавацыйнай дзейнасці, працай з навуковымі кадрамі, кіраўніцкай структурай навуковай сферы.

Важным аспектам падчас З’езда вучоных з’явіўся разгляд праекта стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018 – 2040», якая будзе базавым дакументам пры распрацоўцы праграм па навукова-тэхнічным развіцці.

Дадзенае знакавае, маштабнае навуковае мерапрыемства стане каталізатарам навукова-тэхнічнага ўдасканалення, актывізацыі ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі для стварэння платформы ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь.

22.12.2017