УНИВЕРСIТЭТ

Канферэнцыя ў Беластоку

Дзелавыя і сяброўскія адносіны звязваюць бібліятэку БарДУ і Універсітэцкую бібліятэку імя Ежы Гедройца ў Беластоку ў рамках умоў Сеткі ўніверсітэтаў памежжа. Адной з самых дзейсных формаў зносін з'яўляецца ўзаемны  ўдзел у навуковых канферэнцыях. У VI Агульнапольскай навуковай канферэнцыі «Грошы для бібліятэк або бібліятэчны фандрайзінг», якая адбылася 29-30 чэрвеня ў г. Беластоку, прыняла ўдзел загадчык бібліятэкай Л.В.Гарбунова. Удзельнікі канферэнцыі ў сваіх прамовах адзначалі, што абмежаваныя бюджэтныя рэсурсы ў значнай ступені перашкаджаюць належнаму  выкананню асноўных задач бібліятэк і робяць неабходным пошук іншых крыніц фінансавання. У бібліятэчнай лексіцы з'явіліся такія словы, як гранты, фонды, спонсарства. Асаблівая ўвага была нададзена бібліятэчнаму  фандрайзінгу – адносна новай з'яве ў бібліятэках Польшчы і Беларусі. Канферэнцыя дала магчымасць абмену вопытам і паглыблення разважанняў на тэму бібліятэчных фінансаў. Л.В.Гарбунова  прадставіла на канферэнцыі даклад «Выбраныя аспекты фінансава-эканамічнай дзейнасці бібліятэкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта». Артыкул падрыхтаваны ў сааўтарстве з к.э.н., дацэнтам  В.М.Пазнякевіч  і будзе апублікаваны ў рэцэнзаваным зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

06.07.2017