УНИВЕРСIТЭТ

Сустрэча старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ю.А.Грамакоўскага са студэнтамі адбылася ў БарДУ

Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу «Моладзевыя Баранавічы: магчымасці, традыцыі, перспектывы». У сваім выступленні Юрый Анатольевіч адзначыў, што нягледзячы на тое, што Баранавічы — прамысловы горад, 14 гадоў таму было прынята рашэнне аб стварэнні тут Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта — сучаснага адукацыйнага цэнтра. Выпускнікі ўніверсітэта ўжо ўнеслі ўклад у развіццё горада. З 2004 года на прадпрыемствах горада працаўладкавана больш за 2 400 выпускнікоў БарДУ. У бюджэтнай сферы найбольшая колькасць выпускнікоў універсітэта працуе ў сістэме адукацыі горада — 992 чалавекі, на прадпрыемствах: ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод» — 170 чалавек, ААТ «Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній — 93 чалавекі, ААТ« Баранавіцкі завод станкапрыладаў» — 63 чалавекі, ААТ «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод» — 62 і інш.

Размаўляючы са студэнтамі, мэр горада адзначыў, што сёння Баранавічы па колькасці насельніцтва займаюць 8-е месца ў Рэспубліцы Беларусь — больш за 179 тысяч чалавек, з іх больш за 42 тысячы — гэта моладзь. Юрый Анатольевіч расказаў студэнтам пра тое, чым жыве сёння горад і як развіваецца. А затым ўдзельнікі сустрэчы атрымалі магчымасць задаць пытанні першай асобе Баранавічаў пра ўсё, што цікавіць. І гэтай магчымасцю маладыя людзі скарысталіся спаўна. Юнакоў і дзяўчат цікавіла ўсё: і асаблівасці знешнегандлёвых адносін прадпрыемстваў горада, і перспектывы развіцця, і планы па добраўпарадкаванні. Не абыйшлося і без асабістых пытанняў.

Так, студэнты пацікавіліся ў мэра, ці памятае ён, за што атрымаў першую прэмію, а таксама спыталі, як удаецца спраўляцца са стрэсам, звязаным з пасадай, і ці можна навучыцца спакойна ставіцца да крытыкі. На ўсе пытанні Юрый Анатольевіч адказаў шчыра.

А яшчэ студэнты папрасілі дапамогі ў стварэнні сквера авіятараў у ваенным гарадку Баранавічаў. На што атрымалі адказ, што да 75-годдзя вызвалення Беларусі гарвыканкам прыкладзе максімум намаганняў, каб сквер быў адкрыты.

Скончылася сустрэча на пераднавагодняй хвалі: рэктар універсітэта Васіль Качурка падарыў Юрыю Грамакоўскаму незвычайную ёлку, зробленую студэнтамі інжынернага факультэта.

21.12.2018