УНИВЕРСIТЭТ

135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы прысвячаецца…

21 чэрвеня 2017 года на факультэце славянскіх і германскіх моў прайшла акцыя «Чытаем Янку Купалу разам», прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Ініцыятарам правядзення акцыі стала кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» Панькова Вольга Яўгенаўна, якая ўзначальвае дзяржаўную экзаменацыйную камісію па замежнай мове. І гэта не выпадкова, бо alma mater Вольгі Яўгенаўны носіць імя Народнага паэта Беларусі, якім купалаўцы вельмі ганарацца.

У межах правядзення акцыі выкладчыкі і студэнты факультэта славянскіх і германскіх моў пры падтрымцы бібліятэкі ўніверсітэта пазнаёміліся з выставай кніг Я. Купалы і Я. Коласа, з першых вуснаў В.Я. Паньковай пачулі пра новыя тэндэнцыі ў вывучэнні творчасці Янкі Купалы і некаторых невядомых этапах яго жыцця, з якімі ў ГрДУ паспяхова знаёмяць на штогадовай міжнароднай навуковай канферэнцыі «Купалаўскія чытанні».

У сваю чаргу загадчык кафедры філалогіі кандыдат педагагічных навук дацэнт Пучынская Таццяна Міхайлаўна і загадчык кафедры агульнага і прыкладнога мовазнаўства Томчык Дзмітрый Сяргеевіч падзяліліся напрацоўкамі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў галіне купалазнаўства, атрыманымі ў выніку правядзення «Купала-Коласаўскіх чытанняў» у 2016 годзе. А ўжо ў 2017 годзе на базе факультэта славянскіх і германскіх моў плануецца правесці чарговыя чытанні.

В.Я. Паньковай прапанавана правесці на базе БарДУ літаратурную віктарыну, прысвечаную творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, удзел у якой таксама прымуць студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. В.Я. Панькова з удзячнасцю прыняла запрашэнне і паведаміла, што з 2011 года з’яўляецца кіраўніком грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя», у межах якога студэнты і выкладчыкі узнаўляюць гістарычныя персаналіі нашай Радзімы, адраджаюць забытыя і страчаныя імёны нашых землякоў, і менавіта студэнты — удзельнікі гэтага праекта прыедуць на віктарыну ў БарДУ. Разумеем, што ў віктарыне нам будзе нялёгка, аднак дух спаборніцтва заўсёды прывядзе да творчага пошуку і навуковай ісціны.

26.06.2017