УНИВЕРСIТЭТ

Урачыстая цырымонія ўшанавання лепшых выпускнікоў БарДУ

23 мая ў канцэртна-актавай зале ўніверсітэта адбылося ўрачыстае святочнае мерапрыемства «Развітанне з Alma mater». У год асаблівага, двайнога выпуску амаль 150 студэнтаў сталі лепшымі ў намінацыях «Вучэбная і навукова-даследчая дзейнасць», «Грамадская дзейнасць», «Культурна-творчая дзейнасць» і «Спартыўная дзейнасць».

Ганаровае права адкрыць урачыстую цырымонію ўшанавання лепшых выпускнікоў 2017 года было прадастаўлена рэктару БарДУ Васілю Іванавічу Качурку, які сказаў шмат добрых слоў і павіншаваў самых таленавітых, актыўных і ініцыятыўных студэнтаў з дасягненнем высокіх вынікаў і паспяховым заканчэннем універсітэта.

Са зваротным словам выступілі і прадстаўнікі факультэтаў Кацярына Каскевіч, Уладзіслаў Жытко, Дар'я Мазур і Аляксандр Зорын. Ад імя ўсіх выпускнікоў яны выказалі шчырую ўдзячнасць рэктару і адміністрацыі ўніверсітэта, выкладчыкам і кіраўнікам структурных падраздзяленняў за падтрымку, разуменне і клопат, за прадастаўленне шырокіх магчымасцяў для самарэалізацыі.

Маляўнічай, напоўненай пазітыўнымі эмоцыямі часткай мерапрыемства стала выступленне мастацкіх калектываў аддзела культуры і творчасці БарДУ, якія падрыхтавалі для выпускнікоў рознажанравую канцэртную праграму з прэм'ерай новай жартоўнай мініяцюры «Дуумвірат» народнага маладзёжнага тэатра мініяцюр «Сафіт» і спецыяльным творчым сюрпрызам для выпускнікоў крэатыў-каманд.

Асобныя апладысменты ў гэты дзень дарылі гледачы ўдзельнікам народнага інструментальнага ансамбля «Музычны гасцінец», народнага тэатра моды «Світа», народнай студыі эстраднай песні «Талент», музычнага клуба «Я і гітара» і вакальнай групы «Фольк-мажор», якія ў апошні раз выступалі на ўніверсітэцкай сцэне ў якасці студэнтаў.

Завяршылася святочнае мерапрыемства сумесным выкананнем гімна БарДУ, традыцыйным агульным фота на памяць і праглядам старонак Ганаровай кнігі з лепшымі выпускнікамі 2017 года, якім мы шчыра жадаем далейшых поспехаў і ўдачы на жыццёвым шляху!

29.05.2017