УНИВЕРСIТЭТ

15 мая ва ўстанове адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» адбылася сустрэча ў фармаце адкрытага дыялогу на тэму «Сучасная сям'я праз прызму духоўнасці» (прымеркаваная да Міжнароднага Дня сям'і).

З прывітальным словам выступіла прарэктар па навуковай рабоце А.В. Нікішова, якая адзначыла вялікую ролю сям'і ў фарміраванні асобы чалавека.

Студэнты паразважалі пра адрозненні кахання  і закаханасці з Ю.У. Башкіравай, старшым выкладчыкам кафедры псіхалогіі, псіхатэрапеўтам міжнароднага класа. Былі таксама закрануты праблемы вольных адносін і эгаізму ў адносінах. Меркаванні аўдыторыі раздзяліліся. Але ўсе пагадзіліся з тым, што каханне трэба берагчы і падтрымліваць.

Аб духоўных каштоўнасцях сям'і распавёў В. Лазоўскі, протаіерэй, настаяцель прыхода храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Ён пазначыў стварэнне сям'і як промысел Божы і найвялікшы дар. А таксама адзначыў, што падрыхтоўку да сямейнага жыцця трэба пачаць задоўга да стварэння сям'і. І студэнцтва якраз тая ўзроставая катэгорыя, прадстаўнікі якой ужо ўступілі ў шлюб або стаяць на парозе стварэння сем'яў. А выбар спадарожніка жыцця павінен здзяйсняцца адзін раз на ўсё жыццё.

Гісторыю стварэння сваёй сям'і распавяла І.У. Бірукова, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу, шматдзетная мама. Гэтая дзівосная жанчына здолела сагрэць сваім матчыным цяплом 12 дзяцей, якія засталіся без апекі сваіх бацькоў.

Да ўвагі ўдзельнікаў была прадстаўлена тэматычная выстаўка «Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэкі БарДУ ў дапамогу духоўна-маральнаму выхаванню». 

18.05.2017