УНИВЕРСIТЭТ

III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сучасныя праблемы фарміравання і ўмацавання здароўя - ЗДАРОЎЕ-2017»

27-28 красавіка ва ўніверсітэце на факультэце педагогікі і псіхалогіі кафедрай тэорыі і практыкі фізічнай культуры арганізавана і праведзена III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сучасныя праблемы фарміравання і ўмацавання здароўя – ЗДАРОЎЕ-2017». У канферэнцыі прынялі ўдзел спецыялісты па фізічнай культуры і спорце, розных абласцей: педагогікі, фізіялогіі, валеалогіі і псіхалогіі. Міжнародны ўдзел прадстаўлены навукоўцамі з 5 краін – Украіны, Расіі, Латвіі, Польшчы і Нідэрландаў. Навуковымі партнёрамі канферэнцыі былі Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, спорту, моладзі і турызму (Масква, Расія), Сібірскі федэральны ўніверсітэт (Краснаярск, Расія), Універсітэт імя Адама Міцкевіча (Познань, Польшча). Актыўны ўдзел у канферэнцыі прынялі студэнты педагагічных спецыяльнасцяў універсітэта. 

З прывітальным словам да гасцей, удзельнікаў, слухачоў звярнуліся В.І. Качурка, рэктар універсітэта, Т.Р. Якубовіч, намеснік старшыні камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Рэктар адзначыў актуальнасць тэматыкі канферэнцыі і сацыяльную значнасць вынесеных на абмеркаванне праблем. Т.Р. Якубовіч падкрэсліла, што захаванне і ўмацаванне здароўя нацыі з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў палітыкі дзяржавы і прадметам клопату прэзідэнта нашай краіны. 

У працы пленарнага пасяджэння прыняў удзел М.Е. Кобрынскі, доктар педагагічны навук, прафесар БДУФК. Даклады пленарнага пасяджэння закраналі такія праблемы, як падрыхтоўка высокакваліфікаваных спартсменаў у спартыўнай хадзе, сучаснае значэнне каардынацыйнай трэніроўкі, важная роля арттэрапіі ў працэсе фарміравання сацыяльных адносін, асаблівасці морфафункцыянальнага стану арганізма навучэнцаў з розным узроўнем індэкса масы цела. У рэжыме анлайн быў прадстаўлены даклад ад'юнкта кафедры арттэрапіі Універсітэта імя Адама Міцкевіча (Познань, Польшча) Славаміра Кшыська. 

28 красавіка работа канферэнцыі працягнулася секцыйнымі пасяджэннямі па 4 напрамках:

  1. Антрапалагічныя аспекты фізічнага развіцця, рухальнай актыўнасці і здароўя дзяцей дашкольнага ўзросту, школьнікаў і студэнтаў. 
  2. Медыка-біялагічныя і экалагічныя аспекты здароўефарміруючых тэхналогій, фізічнай культуры і масавага спорту.
  3.  Псіхолага-педагагічныя, культуралагічныя і сацыяльныя аспекты фарміравання фізічнай культуры асобы ў кантэксце здаровага ладу жыцця. 
  4. Праблемы фізічнай рэабілітацыі і рэкрэацыі розных груп насельніцтва.
03.05.2017