УНИВЕРСIТЭТ

Бібліятэка сабрала ўсё сузор'е талентаў на літаратурна-музычнай вечарыне «Ты будзеш звінець, мая родная мова!»

Пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства арганізатар вечара вядучы бібліятэкар Г.І. Семянічэнка прыцягнула сваіх лепшых чытачоў, творчы калектыў БарДУ, студэнтаў Баранавіцкага музычнага каледжа і вучняў гімназіі №1.

Вершы пра Беларусь і пра родную мову чыталі студэнты факультэта педагогікі і псіхалогіі групы ПА-11: Таццяна Грабянько, Аляксандра Дыркова, Вольга Серадзінская, Святлана Цыганкова. Падзялілася сваім паэтычным талентам студэнтка факультэта славянскіх і германскіх моў, удзельніца конкурса «Чытач года» Марына Святошчык, прачытаўшы верш ўласнага сачынення «Мая краіна, Беларусь!». А самы юны чытальнік і госць вечара Дыяна Кабушка, вучаніца 2 класа гімназіі №1 (класны кіраўнік Марына Анатольеўна Крэйдзіч), прачытала верш Я. Купалы «Хлопчык і лётчык».

Музычным упрыгожаннем вечара стаў народны ансамбль «Музычны гасцінец» пад кіраўніцтвам М.П. Сяргеева і студэнт інжынернага факультэта групы ТМ-21 Андрэй Гунько, які прадэманстраваў віртуознае выкананне на баяне. Даўнімі партнёрамі бібліятэкі з'яўляюцца таксама студэнты Баранавіцкага музычнага каледжа. Вакал у выкананні Святланы Полазавай, студэнткі эстраднага аддзялення (музычны кіраўнік Р.П. Вароніна), і мелодыя скрыпкі Наталлі Ганчар, студэнткі струнна-смычковага аддзялення (музычны кіраўнік Н.Ц. Пашкевіч), дазволілі яшчэ раз акунуцца ў свет беларускай песні і мелодыі.

Беларускія народныя касцюмы прадаставіла лабараторыя тэхналогіі швейнай вытворчасці кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогіі. Прэзентацыя на тэму «Падарожжа па мясцінах Беларусі» падрыхтавана бібліятэкарам М.А. Марчык.

Для гасцей мерапрыемства арганізавана кніжная выстава «Пакланіцца роднаму слову».

Працягнуць знаёмства з літаратурай, прадстаўленай на выставе, можна ў чытальнай зале новых паступленняў.

10.03.2017