УНИВЕРСIТЭТ

Акцыя «Калядная скарбонка» факультэта славянскіх і германскіх моў

У рамках акцыі «Калядная скарбонка» 20 снежня 2016 года студсавет і крэатыў-каманда факультэта славянскіх і германскіх моў наведалі Антопальскую дзяржаўную дапаможную школу-інтэрнат.

Збор сродкаў праходзіў з 5 лістапада па 15 снежня. Усяго было сабрана 126 скарбонак з разнастайнымі падарункамі. Акрамя гэтага, 40 дзяцей, якія з’яўляюцца поўнымі сіротамі і пастаянна знаходзяцца ў інтэрнаце, атрымалі асабістыя падарункі. Візіт у інтэрнат суправаджаўся 4 майстар-класамі (стварэнне сваімі рукамі вырабаў, першыя крокі для тых, хто жадае навучыцца граць на гітары, жангліраванне, танцавальны майстар-клас). Пасля гэтага дзяцей запрасілі на калядны канцэрт, выдатным момантам якого было фаер-шоу. Па рэакцыі дзяцей, па іх шчаслівых і радасных тварыках было відаць, што мерапрыемства спраўдзілася.

Мы ўдзячны кожнаму, хто прымаў удзел у акцыі і дапамог сабраць падарункі. Асаблівая ўдзячнасць  адміністрацыі ўніверсітэта, факультэта, нашым спонсарам.

Вялікі дзякуй за вашыя адкрытыя сэрцы. З Новым Годам і Калядамі!

03.01.2017